Нажаль сёньня Gurt Moon гэта толькі гісторыя. Гэта успамін пра тое, як
сустрэліся некалі людзі з поглядамі на адсутнасць сэнсу ў жыцці і нечакана
зразумелі, што адсутнасць сэнса існуе, a самога сэнсу няма, ці наадварот,
ці як Вам больш падабаецца. Як толькі яны гэта зразумелі, адразу з'явіліся
думкі пра тое што трэба гэтую адсутнасць сэнса на што-небудзь зьмяніць.
Раптам, яны заўважылі на небе поўню i вырашылі, што сэнс ёсьць толькі
на месяцы. А потым была раніца, і перад самым сьвітанкам здарылася першая
ранішняя дурка. Так людзі энайшлі дурыzм...
Дурыzм
Па-першае, трэба адразу адзначыць, што дурыzм, ва ўсіх ягоных выявах,
не з'яўляецца псыхічным захворваньнем, як, напрыклад, лічыць дохтар, што
даследваў нашых удзельнікаў падчас прымусовага медыцынскага агляду. Дурыzм
— гэта проста альтэрнатыўны погляд на жыццё. Ён адчыняе іншы сьвет.
У гэтым сьвеце рэчы выглядаюць па-іншаму й усё мае іншы сэнс, які ніхто
дагэтуль яшчэ не знайшоў. Дурыzм — гэта пошук іншага жыцця, гэта
тое, што дапамагае адмовіцца ад рэчаіснасьці, у якой існуе хворае грамадства
з хворымі думкамі й ідэямі, грамадства, якое абыякава ставіцца да будычіні
й якое не цікавіцца сёньняшнім днём. Нехта абраў для сабе шлях змаганьня
за праўду, іншыя гарэлку ці наркотыкі, мы проста паспрабавалі паглядзець
на ўсё з іншага боку і нечакана знайшлі дурыzм. Па-другое,
стан дурыzму (lat. durka univerbulbos) ніколі не дасягаецца пры
дапамозе наркотыкаў і асабліва без дапамогі напою з бурбалкамі, які ў
народзе мае назву мінеральная вада "Улыбка".
Трэба
таксама ж адзначыць, што, нажаль, ня ўсе жывыя істоты здольныя перанесьці
стан дурызму. Зь вялікай колькасьцю праблем дурызматычнага характару сутыкнуліся
ў свой час маманты, якія менавіта таму й памёрлі. Было заўважана, што
месяц (асабліва поўня) таксама ўплывае на тушку чалавека схільнада да
дурызма. Таму месяц з'яўляецца неад'емнай часткай Дурызматычнага Руху,
а назіраньні за ім падчас чаканьня ранішняй дуркі сталі традыцыйнымі для
ўдзельнікаў Нашага Балота. І ў рэшце рэшт, мы ўпэўнены ў тым, што беларусам
месяц сьвецьці асабова, а зоркі ў небе — гэта не далёкія сонцы,
а маленькія месяцы.
Халадзільнік
Каб назіраць за месяцам, удзельнікі гурта знайшлі Халадзільнік. Для тых,
хто ўпэўнены ў тым, што мы знайшлі вялікае белае прыстасаваньне для захоўваньня
ежы, адразу растлумачым: Халадзільнік — гэта поле, на якім заўсёды
халодна, нават летам; адсюль і назва. Людзі, якія займаюцца даследваньнямі
глебы, не знайшлі ніякіх анамалій на Халадзільніку. Таму што не шукалі.
Але тут і без даследваньняў відавочна, што гэта чаруе нехта, ды справа
гэта няпростая, мо нават з архіву X. Вось у такіх цяжкіх умовах мы вымушаны
працаваць, але што тут зробіш? Абавязак ёсьць абавязак, калі не мы, дык
хто будзе за месяцам назіраць?
Дурка
"Што гэта яшчэ за дурка?" — спытаеце вы. А мы вам адкажам,
што дурка — гэта найвышэйшы стан дурызму, калі ў галаве зоркі, але
тут і дурань зразумее, што ніякіх зорак на самой справе няма, а ўсё гэта
маленькія месяцы на небе ноччу зіхацяць. Каб зразумець гэта паспрабуйце
не класьціся спаць адну, а, лепей, дзьве ночы. І калі вы будзеце ўпэўнены
ў тым, што зоркі гэта не зоркі, а маленькія месяцы, ведайце: у вас дурка!
Не пужайцеся, калі вам будзе ўвесь час сьмешна — гэта нармалёва.
Галоўнае — піць больш кавы ці гарбаты з бегемотам (lat. berhamotus
behemotica) ці проста гарбату. Праз некаторы час у вас з'явіцца моцнае
жаданьне паехаць у Гародню. Гэта таксама нармалёва. Ёсьць жаданьне —
наперад!
Кракадзіл
Калі на небе хмары, й месяц з-за іх не відаць, замест назіраньня за ім
можна пайсьці ноччу ў лес, каб там шукаць рагулькі. Толькі не пытайцеся,
што ёсьць рагулька. Усё роўна ніхто дакладна ня ведае гэтага, бо ноччу
ў лесе цёмна. Шукаць рагулькі — гэта старажытная традыцыя, якая
мае сувязь з паганскім мінулым нашых продкаў. Менавіта ад пошука рагулек
пайшла традыцыя шукаць на Купальле папараць-кветку. Было ўсё вось як.
Беларускія хлопцы і дзяўчыны гулялі па лясох ноччу, што добра ўплывала
на дэмаграфічную сітуацыю на старажытнай Беларусі. А на сьвітанку яны
вярталіся дахаты, дзе іх чакалі раззлаваныя бацькі з намерам набіць дупу
за тое, што яны швэндаліся ўсю ноч невядома дзе. Бацькі білі дупу й пыталі:
— Дзе вы былі ўсю ноч?
— Шукалі кветку, — адказвалі дзеці, бо казаць праўду
пра рагулькі яны не маглі па невысьветленых абставінах.
— Якую яшчэ кветку? — пыталі бацькі, і білі у дупу яшчэ
мацней.
— Папараць... папараць-кветку, — раз'юшана адказвалі
дзеці.
— І знайшлі вы тую кветку? — зацікаўлена пыталі бацькі,
і ўжо білі не так моцна.
— Не, не знайшлі, але яна ёсьць.
І здарыўся цуд: бацькі паверылі ў існаваньне папараць-кветкі, і хадзілі
яны шукаць яе наступнай ноччу, але, як вы самі разумееце, нічога не знайшлі,
бо Папараць-кветка — гэта калі Купальле, а рагулькі — на кожны
дзень, хаця б іх ноччу і не бачна. Тыя, хто знаходзіў рагулькі днём не
былі ўпэўнены ў тым, што яны знайшлі сапраўдную рагульку, бо сапраўдныя
рагулькі ніхто ня бачыў.
Вось так з'явілася на Беларусі традыцыя шукаць папараць-кветку і такім
чынам старажытная беларуская моладзь адпомсціла сваім бацькам за лухту
пра тое, што іх усіх прынёс бусел з крыльцамі. Але пры чым тут Кракадзіл?
Цікавае пытаньне. Нічога не скажаш. Справа ў тым, што мы таксама хадзілі
ноччу ў лес і шукалі рагулькі, але, як вы разумееце, не знайшлі. Затое
мы знайшлі ў лесе Кракадзіла, і па ўсяму відаць, што менавіта ён схаваў
усе рагулькі, бо кракадзілы ў гэтай справе майстры.
|