main page галоўная старонка
цалкам тэхнічны вадаём


Нажаль сёньня Gurt Moon гэта толькі гісторыя. Гэта успамін пра тое, як сустрэліся некалі людзі з поглядамі на адсутнасць сэнсу ў жыцці і нечакана зразумелі, што адсутнасць сэнса існуе, a самога сэнсу няма, ці наадварот, ці як Вам больш падабаецца. Як толькі яны гэта зразумелі, адразу з'явіліся думкі пра тое што трэба гэтую адсутнасць сэнса на што-небудзь зьмяніць. Раптам, яны заўважылі на небе поўню i вырашылі, што сэнс ёсьць толькі на месяцы. А потым была раніца, і перад самым сьвітанкам здарылася першая ранішняя дурка. Так людзі энайшлі дурыzм...

Дурыzм
Па-першае, трэба адразу адзначыць, што дурыzм, ва ўсіх ягоных выявах, не з'яўляецца псыхічным захворваньнем, як, напрыклад, лічыць дохтар, што даследваў нашых удзельнікаў падчас прымусовага медыцынскага агляду. Дурыzм — гэта проста альтэрнатыўны погляд на жыццё. Ён адчыняе іншы сьвет. У гэтым сьвеце рэчы выглядаюць па-іншаму й усё мае іншы сэнс, які ніхто дагэтуль яшчэ не знайшоў. Дурыzм — гэта пошук іншага жыцця, гэта тое, што дапамагае адмовіцца ад рэчаіснасьці, у якой існуе хворае грамадства з хворымі думкамі й ідэямі, грамадства, якое абыякава ставіцца да будычіні й якое не цікавіцца сёньняшнім днём. Нехта абраў для сабе шлях змаганьня за праўду, іншыя гарэлку ці наркотыкі, мы проста паспрабавалі паглядзець на ўсё з іншага боку і нечакана знайшлі дурыzм.
Па-другое, стан дурыzму (lat. durka univerbulbos) ніколі не дасягаецца пры дапамозе наркотыкаў і асабліва без дапамогі напою з бурбалкамі, які ў народзе мае назву мінеральная вада "Улыбка".

Трэба таксама ж адзначыць, што, нажаль, ня ўсе жывыя істоты здольныя перанесьці стан дурызму. Зь вялікай колькасьцю праблем дурызматычнага характару сутыкнуліся ў свой час маманты, якія менавіта таму й памёрлі. Было заўважана, што месяц (асабліва поўня) таксама ўплывае на тушку чалавека схільнада да дурызма. Таму месяц з'яўляецца неад'емнай часткай Дурызматычнага Руху, а назіраньні за ім падчас чаканьня ранішняй дуркі сталі традыцыйнымі для ўдзельнікаў Нашага Балота. І ў рэшце рэшт, мы ўпэўнены ў тым, што беларусам месяц сьвецьці асабова, а зоркі ў небе — гэта не далёкія сонцы, а маленькія месяцы.

Халадзільнік
Каб назіраць за месяцам, удзельнікі гурта знайшлі Халадзільнік. Для тых, хто ўпэўнены ў тым, што мы знайшлі вялікае белае прыстасаваньне для захоўваньня ежы, адразу растлумачым: Халадзільнік — гэта поле, на якім заўсёды халодна, нават летам; адсюль і назва. Людзі, якія займаюцца даследваньнямі глебы, не знайшлі ніякіх анамалій на Халадзільніку. Таму што не шукалі. Але тут і без даследваньняў відавочна, што гэта чаруе нехта, ды справа гэта няпростая, мо нават з архіву X. Вось у такіх цяжкіх умовах мы вымушаны працаваць, але што тут зробіш? Абавязак ёсьць абавязак, калі не мы, дык хто будзе за месяцам назіраць?


Дурка
"Што гэта яшчэ за дурка?" — спытаеце вы. А мы вам адкажам, што дурка — гэта найвышэйшы стан дурызму, калі ў галаве зоркі, але тут і дурань зразумее, што ніякіх зорак на самой справе няма, а ўсё гэта маленькія месяцы на небе ноччу зіхацяць. Каб зразумець гэта паспрабуйце не класьціся спаць адну, а, лепей, дзьве ночы. І калі вы будзеце ўпэўнены ў тым, што зоркі гэта не зоркі, а маленькія месяцы, ведайце: у вас дурка! Не пужайцеся, калі вам будзе ўвесь час сьмешна — гэта нармалёва. Галоўнае — піць больш кавы ці гарбаты з бегемотам (lat. berhamotus behemotica) ці проста гарбату. Праз некаторы час у вас з'явіцца моцнае жаданьне паехаць у Гародню. Гэта таксама нармалёва. Ёсьць жаданьне — наперад!


Кракадзіл
Калі на небе хмары, й месяц з-за іх не відаць, замест назіраньня за ім можна пайсьці ноччу ў лес, каб там шукаць рагулькі. Толькі не пытайцеся, што ёсьць рагулька. Усё роўна ніхто дакладна ня ведае гэтага, бо ноччу ў лесе цёмна. Шукаць рагулькі — гэта старажытная традыцыя, якая мае сувязь з паганскім мінулым нашых продкаў. Менавіта ад пошука рагулек пайшла традыцыя шукаць на Купальле папараць-кветку. Было ўсё вось як. Беларускія хлопцы і дзяўчыны гулялі па лясох ноччу, што добра ўплывала на дэмаграфічную сітуацыю на старажытнай Беларусі. А на сьвітанку яны вярталіся дахаты, дзе іх чакалі раззлаваныя бацькі з намерам набіць дупу за тое, што яны швэндаліся ўсю ноч невядома дзе. Бацькі білі дупу й пыталі:
— Дзе вы былі ўсю ноч?
— Шукалі кветку, — адказвалі дзеці, бо казаць праўду пра рагулькі яны не маглі па невысьветленых абставінах.
— Якую яшчэ кветку? — пыталі бацькі, і білі у дупу яшчэ мацней.
— Папараць... папараць-кветку, — раз'юшана адказвалі дзеці.
— І знайшлі вы тую кветку? — зацікаўлена пыталі бацькі, і ўжо білі не так моцна.
— Не, не знайшлі, але яна ёсьць.
І здарыўся цуд: бацькі паверылі ў існаваньне папараць-кветкі, і хадзілі яны шукаць яе наступнай ноччу, але, як вы самі разумееце, нічога не знайшлі, бо Папараць-кветка — гэта калі Купальле, а рагулькі — на кожны дзень, хаця б іх ноччу і не бачна. Тыя, хто знаходзіў рагулькі днём не былі ўпэўнены ў тым, што яны знайшлі сапраўдную рагульку, бо сапраўдныя рагулькі ніхто ня бачыў.

Вось так з'явілася на Беларусі традыцыя шукаць папараць-кветку і такім чынам старажытная беларуская моладзь адпомсціла сваім бацькам за лухту пра тое, што іх усіх прынёс бусел з крыльцамі. Але пры чым тут Кракадзіл? Цікавае пытаньне. Нічога не скажаш. Справа ў тым, што мы таксама хадзілі ноччу ў лес і шукалі рагулькі, але, як вы разумееце, не знайшлі. Затое мы знайшлі ў лесе Кракадзіла, і па ўсяму відаць, што менавіта ён схаваў усе рагулькі, бо кракадзілы ў гэтай справе майстры.

галоўная старонка   балотны чат   гасьцёўня
©2001 - 2003 Nasza Balota
Сайт управляется системой uCoz